БАЛТЫ́ЙСКАЯ СІНЕКЛІ́ЗА,
адмоўная структура на ПнЗ Рускай пліты, частка Балтыйска-Прыднястроўскай зоны перыкратонных прагінаў. Займае тэр. Літвы, Латвіі, Эстоніі, Калінінградскай вобласці Расіі, Польшчы, Даніі, частку Швецыі і Балтыйскага мора. Сучляняецца на ПнЗ з Балтыйскім шчытом, на У з Латвійскай седлавінай, на ПдУ з Беларускай антэклізай, на ПдЗ аддзелена ад Паморскай упадзіны Тэйсейра-Торнквіста лініяй. Распасціраецца на ПнУ на 700 км, шыр. 250—500 км.
Фундамент апушчаны да глыб. 8 км (на ПдЗ). Запоўнена адкладамі ад вендскай да пермскай сістэм, часткова меза-кайназойскімі. Балтыйская сінекліза сфарміравалася ў каледонскі этап тэктагенезу. У платформавым чахле вылучаюцца верхнебайкальскі, каледонскі, герцынскі і кімерыйска-альпійскі структурна-фармацыйныя комплексы. З імі звязаны Балтыйская нафтагазаносная вобласць, радовішчы гаручых сланцаў, бурштыну і інш. карысных выкапняў.
Г.У.Зінавенка.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)